СЛЯПЯ́НСКАЕ ВО́ДНА-ПА́РКАВАЕ ПАЎКАЛЬЦО́,

сістэма штучных каскадаў, каналаў, адкрытых вадаёмаў і прылеглых азялененых тэрыторый у Мінску, аснова комплекснай арх.-ландшафтнай арганізацыі паўн.-ўсх. часткі горада; частка Мінскага водна-паркавага кальца. Створана на аснове р. Сляпянка і левага прытока р. Свіслач. Пабудавана ў 1977—88. Даўж. 22 км, перапад вышынь рэльефу на трасе 31 м. Уключае вадаёмы (агульная пл. 140 га), каналы і 13 дэкар. каскадаў. Гал. збудаванне сістэмы — Цнянскае вадасховішча, вада ў якое паступае з вадасховішча Дразды праз напорныя вадаводы з уздымам на выш. 15 м. Ад Цнянскага вадасховішча адкрыты канал ідзе ўздоўж лесапарку і заканчваецца дэкар. вадаёмам каля гандл.-грамадскага цэнтра мікрараёна Зялёны Луг 6. За Лагойскім трактам у пачатку мікрараёна Зялёны Луг 5 створаны шматступеньчаты каскад. Уздоўж вул. Сядых сістэма прадстаўлена спалучэннем маляўнічых вадаёмаў і каналаў з масткамі, спускамі да вады, невял. фантанчыкаў і інш. малых арх. форм. Створаны таксама выразны 3-ступеньчаты каскад па вул. Парніковай, паўкруглы 2-ступеньчаты каскад з басейнам у раёне вуліц Уральскай—Мендзялеева і ў жылым раёне Серабранка, дзе Сляпянская водная сістэма злучаецца з Чыжоўскім вадасховішчам. Усе каскады сістэмы створаны паводле індывід. праектаў. Гал. кампазіцыйныя акцэнты арганічна спалучаюцца з прасторавым вырашэннем гэтых раёнаў горада. Запраектавана буд-ва Лошыцкага водна-паркавага паўкальца, у выніку даўж. водна-паркавага кальца Мінска дасягне 50 км суцэльнай сістэмы каналаў, каскадаў, вадаёмаў з прылеглымі да іх паркамі, скверамі, бульварамі. За стварэнне арх.-ландшафтных комплексаў усх. раёнаў Мінска архітэктары Л.​Белякова, Дз.​Герашчанка, Л.​Жлоба, М.​Жлоба, В.​Шыльнікоўская, Б.​Юрцін, інжынер А.​Самончык удастоены Дзярж. прэміі СССР 1989.

А.​В.​Сычова.

Да арт. Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо. Дэкаратыўныя басейны ў мікрараёне Зялёны Луг 5.

т. 15, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)